
20 кастрычніка свой урок патрыятычнага, грамадзянскага выхавання правёў ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец. Пісьменнік расказаў пра свае жыццёвыя дарогі, падзяліўся развагамі пра сённяшнюю грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне і свеце. Расказаў Мікалай Іванавіч і пра працу над кнігамі – і тымі, якія прысвечаны яго службе ў час выканання інтэрнацыянальнага абавязку ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан, і кнігамі, што адлюстроўваюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі, асвятляюць тыя драматычныя і гераічныя з’явы, якія давялося перажыць нашаму народу ў барацьбе з фашызмам. Навучэнцы нашага каледжа задавалі пытанні, цікавіліся жыццёвай і творчай біяграфіяй пісьменніка.

Напрыканцы сустрэчы Мікалай Іванавіч падарыў бібліятэцы каледжа свой раман «Аперацыя «Кроў», прысвечаны тэме генацыда народа Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну.
У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел: старшыня ГА «СПБ» Карлюкевіч Аляксандр Мікалаевіч, краязнаўца, літаратуразнавец, дзіцячы пісьменнік; першы намеснік старшыні ГА «СПБ» Стэльмах Алена Анатольеўна, паэт, дзіцячы пісьменнік, публіцыст; старшыня Мінскага гарадскога аддзялення ГА «СПБ» Міхась Паўлавіч Пазнякоў,вядомы паэт, празаік, перакладчык, крытык і мовазнавец, лаўрэат Нацыянальнай, многіх рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.